ЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПО́ЯС,
геаграфічны пояс Зямлі, размешчаны ўздоўж экватара паміж 5—8° паўн. ш. і 4—11° паўд. ш., паміж субэкватарыяльнымі паясамі. Характарызуецца гарачым і вільготным экватарыяльным кліматам са слабавыражанымі кліматычнымі сезонамі. Сярэднямесячныя тэмпературы 24—28 °C, ападкі (1500—10 000 мм за год) на працягу года раўнамерныя, увільгатненне залішняе.
На сушы адзначаецца высокая актыўнасць геамарфалагічных, біяхім. і інш. прыродных працэсаў, што садзейнічае ўтварэнню магутных кор выветрывання. Пераважаюць кіслыя чырвона-жоўтыя фералітныя (латэрытныя) глебы. Вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы (гілеі, браз, сельвас) вызначаюцца розначасовасцю перыядычных функцый асобных раслін пры адсутнасці сезонаў, густым дрэвастоем, багаццем і старажытнасцю відавога саставу, высокай прадукцыяй надземнай біямасы (да 100 т/га). Па берагах мораў і акіянаў мангравыя лясы. Шмат гаспадарча карысных раслін — каўчуканосы, дрэва какавы, хлебнае, бавоўнікавае (сейба), пальмы, дрэвы з каштоўнай каляровай драўнінай і інш. У жывёльным свеце прадстаўлены — малпы, паўмалпы, кашэчыя, ляніўцы, насарогі, тапіры, пекары, бегемоты; разнастайныя птушкі, паўзуны, насякомыя і інш. У гарах Э.п. захоўваецца раўнамернасць гадавога ходу тэмператур і ападкаў. Да выш. 3500 м выражаны 3 паясы горнай гілеі (гл. Т’ера кальентэ, Т’ера тэмплада і Т’ера фрыя), вышэй іх распасціраецца пояс лугоў — парамас, а вышэй за 4300—4800 м — нівальны пояс. Паверхневыя воды акіянаў у Э.п. маюць высокую т-ру, паніжаную салёнасць (34%), шмат планктону.
т. 18, кн. 1, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)